10 жніўня на сядзібе «Свет пчолаў» Валожынскага раёну адбыўся нефармальны конкурс-дэгустацыя беларускіх аматарскіх пітных мядоў.
Прысутнічала каля 20 медавараў, пераважна з Валожынскага, і суседніх раёнаў — з Дзяржынскага, Маладзечанскага і г.д., але былі і з трохі больш далёкіх мясцінаў, напрыклад з Барысаўскага раёну. Усяго на конкурс, які праводзіўся спосабам «сляпой» дэгустацыі, было прадстаўлена 22 ўзоры пітных мядоў.
Большасць месцаў у топ-6 занялі мяды Васіля Квача з Валожынскага раёну, якія перамяжаліся узорамі ад сям’і Хаўрукоў (таксама з кааператыву «Валожынскія гасцінцы») і Аляксея, вучня Васіля Квача з недалёкай Волмы.
Найбольш высілкаў да арганізацыі нефармальнага мерапрыемства прыклалі Ольга Морозова (Информационно-просветительское учреждение «Современное пчеловодство и экология») i Васіль Квач, а таксама гаспадары сядзібы сям’я Фраловых (таксама з кааператыву «Валожынскія гасцінцы»).
Сустрэча завяршылася смачным абедам ад «Свету пчолаў». У кулуарах сустрэчы медавары дзяліліся досведам вырабу старажытнага і высакароднага напою. Застаецца шкадаваць, што аматарскі пітны мёд у Беларусі застаецца напаўлегальным прадуктам. Заканадаўства РБ упата не заўважае самы старадаўні напой у гісторыі чалавецтва, якому, на думку некаторых антраполагаў, каля 14000 гадоў.
Добра, аднак, што ў сучаснай Беларусі дзясяткі медавараў у розных кутках краіны адраджаюць пітныя мяды. Будзем спадзявацца, што з цягам часу для і знойдзецца і цывілізаваная легальная ніша.
Аўтар: Алесь Белы