У свяце возьмуць удзел каля 500 майстроў-умельцаў. Наведайце мерапрыемства, будзе цікава!
Будзе праўстаўлена звыш 20 кірункаў народнай творчасці (салома- і лозапляценне, разьба па дрэве і ткацтва, вышыўка і ганчарства, ткацтва пояса і інш) з розных куточкаў Мінскай і іншых абласцей Рэспублікі Беларусь.
У межах абласнога свята традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы» адбудзецца свята-конкурс «Беларуская лялька», прысвечанае гэтай цікавай і шматграннай з’яве нашай агульнай творчай спадчыны.
Як і заўжды, ў межах абласнога свята традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы» пройдзе Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Да ўдзелу ў канферэнцыі запрошаны навукоўцы, аспіранты, выкладчыкі і студэнты вышэйшых навучальных устаноў, супрацоўнікі ўстаноў культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь і замежных краін, майстры народных мастацкіх рамёстваў.
Таксама ў межах «Слуцкіх паясоў» будзе працаваць пляцоўка майстар-класаў. З 10.00 да 12.00 жадаючыя змогуць праверыць свае здольнасці ў наступных напрамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва:
– набойка па тканіне;
– выраб беларускай лялькі;
– пляценне пояса на калодачцы;
– вышыўка.
Упершыню ў рамках свята прайшоў інтэрактыўны конкурс юных майстроў і мастакоў «У краіне творчасці». Спаборніцтва праходзіла на інтэрнэт-рэсурсе Facebook. Пераможцы вызначаліся шляхам адкрытага галасавання і спаборнічалі ў пяці намінацыях у дзвюх узроставых групах.
Сапраўднымі брэндамі Мінскай вобласці сталі: Капыльскія і Старадарожскія ручнікі, Лагойская і Івянецкая кераміка, Клецкая і Маладзечанская лаза, Вілейская і Мядзельская разьба па дрэве. Случчына працягвае мастацкія традыцыі народнай творчасці сваёй мясцовасці, таму невыпадкова, што для правядзення брэндавага свята рамёстваў «Слуцкія паясы» быў абраны менавіта гэты рэгіён Міншчыны.
Месца і час правядзення: суббота, 7 верасня, Слуцк, з 11:00 да 18:00.