Пяты міжнародны купальскі фолк-фестываль «Свята Сонца» ў 2022 годзе традыцыйна пройдзе на тэрыторыі музейнага комплексу «Дудуткі».
Асаблівая ўвага сёлета будзе нададзеная дэталёвай рэканструкцыі старажытных купальскіх традыцый і абрадам свята, а таксама аднаму з асноўных яго сімвалаў – агню!
Фармат фестывалю, як і ў мінулыя гады, будзе аб’ядноўваць некалькі разнапланавых мерапрыемстваў у рамках агульнай канцэпцыі:
- фестываль агню і піратэхнікі;
- open-air канцэрт фолк- і фолк-рок-музыкі, а таксама сумежных напрамкаў;
- этнапляцоўкі;
- кірмаш майстроў-рамеснікаў (традыцыйныя рамёствы);
- інтэрактыўныя і спартыўныя зоны;
- абрадавыя і забаўляльныя блокі на працягу ўсяго фестывалю.
Максімум увагі, як і раней, будзе надавацца ўзнаўленню традыцый і абрадаў нацыянальнай беларускай культуры і Купалля ў прыватнасці.
Пасля завяршэння асноўнай праграмы ў 1:30 удзельнікі і госці імпрэзы факельным шэсцем пройдуць да берагу ракі Пціч. Там традыцыйна запалае агонь, плынь ракі панясе вянкі, загучыць старажытная музыка, а ўсе жадаючыя скокнуць праз ачышчальнае вогнішча. Дарэчы, агонь будзе «жывым» і кожны ахвочы зможа паўдзельнічаць у яго здабычы!
Усе фестывальныя блокі аб’яднаныя галоўнай тэмай – старажытным святам Купалле, прымеркаванам да дня летняга сонцастаяння. Менавіта тады жыватворчыя сілы зямлі дасягаюць найвышэйшага росквіту. У абрадах гэтага свята цесна пераплятаюцца старажытныя паганскія і больш познія хрысціянскія традыцыі.
Асноўныя мерапрыемствы і пляцоўкі open-air фестывалю «Свята Сонца 2022»:
- Фестываль піратэхнікі і агню. Адно з самых відовішчных мерапрыемстваў купальскага фэсту “Свята Сонца 2022”. Сваё майстэрства прадэманструюць каманды вогненнага шоў з усёй Беларусі.
- Канцэртная пляцоўка, open-air канцэрт. Выступы каманд фолк-, фолк-рок-, паган-музыкі, а таксама сумежных напрамкаў.
- Горад майстроў – рамесныя майстэрні. Ганчарная, гарбарная, зброевая майстэрня, музычных інструментаў, апрацоўка каменя, саломапляценне, абрадавая лялька, ткацтва, манетны двор, кузні (майстар-класы, паходная кузня) і г.д.
- Купальскі кірмаш. Вырабы традыцыйных рамесных майстэрняў: сярэднявечныя ўпрыгожванні, посуд, ганчарныя і каваныя вырабы, вырабы з лёну, нацыяльнае адзенне, сувеніры, рэквізіт для вогненнага шоў і г.д.
- Этна-пляцоўка. Аднаўленне традыцыйных абрадаў святкавання Купалля, варажба, пляценне і запуск вянкоў па вадзе, купальскія вогнішчы і г.д.
- Карчма. Стравы традыцыйнай беларускай кухні, кулінарныя майстар-класы.
- Паласа перашкод у межах купальскага квэсту “Папараць-Кветка”.
- Вясковая плошча. Выступы танцавальных і музычных калектываў, вулічных тэатраў, факіраў, перфомансы на купальскую тэму, майстар-класы па традыцыйных танцах і г.д.
- Інтэрактыўныя пляцоўкі. Больш за 20 лакацый і атракцыёнаў: лучны і арбалетны цір, сярэднявечныя і народныя гульні, шатландская пляцоўка “Гульні горцаў”, дзіцячая пляцоўка, пляцоўка “Героі: Батлгеймінг”, настольныя гульні, “archery battle”, іншыя.
- Для ўдзельнікаў фестывалю піратэхнікі і агню пройдуць майстар-класы і навучальныя семінары.
Асноўны блок фестывалю «Свята Сонца» – FireShow-фестываль.
У рамках фестывалю агню выступяць калектывы, якія працуюць у жанры вогненнага шоў!
У праграме:
- шоў найлепшых вогненных тэатраў, таксама сольных артыстаў у накірунках вогненнага і піратэхнічнага шоў;
- выступы каскадзёраў, акрабатаў і пластычных тэатраў;
- вогненныя і светлавыя эфекты, піратэхніка і неонавае шоў.
Open-air канцэрт фестывалю «Свята Сонца».
Канцэртную праграму ў 2022 годзе прадставяць:
– “Pawa”;
– “Тутэйшая Шляхта”;
– “Guda”;
– “Aquamorta”;
– “Бан-Жвірба”;
– “Хмельны Вір”;
– “KaS”.
Намётавы лагер для гасцей фестывалю.
З 17 па 20 чэрвеня 2022 года на тэрыторыі фестывалю будзе дзейнічаць намётавы лагер для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю. Можна будзе размясціцца ў намётах, прадстаўленых арганізатарамі, ці ўсталяваць уласны на тэрыторыі лагера.
Лагер будзе абсталяваны ўсім неабходным: біяпрыбіральнямі, вадой, вывазам смецця, пракатам мангалаў, дроў і г.д. У непасрэднай блізкасці ад лакацыі будзе працаваць фудкорт. За 15 метраў ад лагеру будзе абсталяваная паркоўка.
Дастаўка на фестываль
Для зручнасці гледачоў будуць арганізаваныя дадатковыя аўтобусныя рэйсы па маршруце “Мінск – Дудуткі – Мінск” і бясплатны трансфер па маршруце “Рудзенск – Дудуткі – Рудзенск”.
Пасля завяршэння канцэртнай часткі адбудзецца факельнае шэсце да берагу ракі Пціч, дзе будуць запаленыя традыцыйныя купальскія вогнішчы.
Арганізатары фестывалю:
– Івэнт Агенцтва “Берсерк”;
– Аляксандр Рак;
– Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі».
Афіцыйны сайт фестывалю.